1.09.1951 г. у Ашмянах адкрылася СШ №2 (па вуліцы Міцкевіча як школа з сямігадовым тэрмінам навучання. У 1953 г. пераўтворана ў сярэднюю школу. У лютым 1958 г. пачаліся заняткі ў новым будынку на вуліцы Савецкай. З 1986 г. размешчана ў сучасным будынку (вул. Школьная, 1). Поўная назва школы Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Сярэдняя школа №2 г.Ашмяны”.
З 1951 г. па 1985 г. школу закончылі 1127 вучняў (68 медалістаў). У 1984/85 навучальным годзе ў школе было 797 вучняў, 40 настаўнікаў. У 2010/11 навучальным годзе – 597 вучняў і 61 настаўнік; у 2020/2021 – 820 вучняў, 76 настаўнікаў. У школе 39 класаў.
Дырэктарамі школы працавалі У.П.Касабокаў, У.А.Пятроўскі (выдатнік народнай асветы), Я.В.Міхалькевіч В.І.Чарняцова. З 2009 г. – Н.М.Галашэўская. Настаўнікі З.Я.Арцем’ева, Г.І.Бабарыкіна, Г.І.Шумская, В.А.Саковіч мелі званне “Заслужаны настаўнік БССР”; Ю.А.Нікіпяровіч, Т.М.Ярашова, Л.Г.Пятрова – выдатнікі народнай асветы. Н.Ф.Проніна ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, С.А.Громава – медалём “За доблесную працу”, В.І.Чарняцова – медалём Францыска Скарыны. У 1997 г. В.В.Гінчук перамагла ў рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года”.
Школу наведваюць дзеці з горада, в.Кракоўка і некаторых іншых населеных пунктаў.
Крыніцы інфармацыі:
1. Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Сярэдняя школа №2 г.Ашмяны”. // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2021 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2020. – С. 12.
2. Ашмянская сярэдняя школа №2 // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 536. (З гісторыі школ і ўстаноў адукацыі Ашмяншчыны).