1 жніўня 1958 г. закрыта Ашмянскае педагагічнае вучылішча. Існавала з 1944 г. Рыхтавала настаўнікаў пачатковых класаў (у асноўным для Маладзечанскай вобласці). За час існавання вучылішча закончылі 774 навучэнцы, з іх стацыянар 585 чалавек. На месцы педвучылішча адкрыта школа-інтэрнат. Дырэктарамі вучылішча працавалі Я.М.Цукерзіс, І.С.Касцючэнка, Е.А.Мельчанка, Панасенка, М.Ф.Шмыглеўскі, С.С.Лазоўскі, К.Якаўлеў, М.М.Бараноўскі.
Крыніцы інфармацыі:
1. Ашмянскае педагагічнае вучылішча // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 526. (Прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы, якія існавалі ў 1940 – 1990-я гады).
1 жніўня 1862 г. пачало працаваць у Гальшанах народнае вучылішча. Асноўныя прадметы: “Закон Божы”, царкоўна-славянская мова, арыфметыка, спевы, гімнастыка, рамёствы, вязанне, пляценне.
Вучылішча знаходзілася на адлегласці 64 метраў ад царквы і 213 метраў ад касцёла. Такая агаворка ў вучылішчных справаздачах была абавязковай. Паказаная адлегласць дазваляе нам вызначыць, што вучылішча знаходзілася на Замкавай вуліцы (у двары старога будынка цяперашняй сярэдняй школы).
Крыніцы інфармацыі:
1. Гольшаны в послереформенный период / Корзун, Э.С. Гольшаны // Эдуард Семёнович Корзун, Юрий Иванович Николаев. – Мн.: Беларусь, 2005. – С. 50 – 59.