29.03.1935 г. у в.Жупраны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. нарадзіўся Загорскі Браніслаў Іпалітавіч, беларускі гісторык, педагог, кандыдат гістарычных навук (1971). Закончыў Жупранскую СШ (1955), гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1960). Працаваў выкладчыкам у Гарадзішчанскім вучылішчы механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі №27, у Казлоўшчынскім сельскім ПТВ №15 Дзятлаўскага раёна. Вучыўся ў аспірантуры на кафедры новай і навейшай гісторыі БДУ, пасля працаваў у Акадэміі навук БССР. У маі 1971 г. абараніў дысертацыю на тэму “Польска-французскія адносіны 1919–1925 гг.”. Займаўся вывучэннем дзейнасці беларускай эміграцыі ў краінах Захаду ў перыяд “халоднай вайны”. Падрыхтаваў і надрукаваў каля 30 навуковых прац. З 1975 г. у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, дацэнт кафедры паліталогіі і міжнародных адносін. Сааўтар метадычнага дапаможніка “Сацыялогія міжнародных адносін” (2000).
Крыніцы інфармацыі:
Загорскі Браніслаў Іпалітавіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 566-567.