9.07.1941 г. у в.Ляшчынаўка Глушкоўскага р-на Курскай вобл. нарадзілася Лабуніна Валянціна Сцяпанаўна (1941), краязнавец, фотааматар, бібліятэкар, грамадскі дзеяч. У 1955 г. закончыла Будкінскую сямігадовую школу, у 1958 г. – Кірэеўскую сярэднюю школу Тульскай вобл.
У 1963 г. разам з сям’ёй пераехала ў Беларусь у в.Гальшаны, што на Ашмяншчыне. Працавала бібліятэкарам Каменналогскай сельскай бібліятэкі, потым у бібліятэцы Гальшанскай спецшколы, у сельскай бібліятэцы в.Гальшаны. У 1972 г. завочна закончыла Мінскі педінстытут імя Горкага, бібліятэчны факультэт.
Калі ў Гальшанах у 1969 г. адкрылася дзіцячая бібліятэка, Валянціна Сцяпанаўна стала яе першым бібліятэкарам і на працягу 34 гадоў (да 2003 года) была нязменным кіраўніком. Калектыў бібліятэкі на чале з Валянцінай Сцяпанаўнай быў заўсёды ў ліку перадавых сярод культасветных устаноў раёна. У 1975 г. бібліятэцы прысвоена званне “Бібліятэка выдатнай работы”.
Валянціна Сцяпанаўна мае 1-ы спартыўны разрад па шахматах. Пад яе кіраўніцтвам пры бібліятэцы звыш 20-ці гадоў працаваў клуб “Гамбіт”, удзельнікі якога неаднаразова выступалі на рэспубліканскіх, абласных, раённых спаборніцтвах, займалі прызавыя месцы. Дзейнічалі гурткі “Юны карэспандэнт”, “Юны фатограф”, “Сябры бібліятэкі”.
За творчыя дасягненні і адданую працу ў справе выхавання падрастаючага пакалення В.С.Лабуніна ў 2000 г. узнагароджана Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За значны асабісты ўклад у развіццё беларускай культуры”. Неаднаразова ёй уручаліся Ганаровыя граматы Гродзенскага абласнога ўпраўлення культуры, Ашмянскага РВК, аддзела культуры. Узнагароджана дыпломам і медалямі Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь за ўдзел у чэмпіянатах і спартакіядах рэспублікі, вобласці, раёна, за прапаганду шахмат сярод дзяцей. 35 гадоў выбіралася дэпутатам Гальшанскага сельскага Савета.
Пасля выхаду на пенсію (2008) актыўна занялася краязнаўчай дзейнасцю, вынікам якой з’явіліся шматлікія артыкулы, якія перыядычна друкуюцца ў раённай газеце “Ашмянскі веснік”. Падчас ІХ Гальшанскіх чытанняў (2020) Валянціна Сцяпанаўна атрымала Падзяку Дырэкцыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі за ўклад у вывучэнне гістарычнай спадчыны Ашмяншчыны.
Захапленне фатаграфіяй перарасло ў сапраўднае майстэр-ства. Выставы фотакарцін В.С.Лабунінай неаднойчы дэманст-раваліся ў розных установах: у Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, у школах, бібліятэках, музеях Ашмянскага раёна, г.Смаргоні, г.Гродна і інш.
Крыніцы інфармацыі:
1. Лабуніна Валянціна Сцяпанаўна // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2021 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2016. – С. 27-2.
2. Дроздова, В. «Женских фантазий полёт» / В.Дроздова // Ашмянскi веснiк. — 2006. — 18 сак.. — C.
3. Санюк, А. «И побеждает тот, кто людям отдает себя сполна» / Алина Санюк ; фото авт. // Ашмянскi веснiк. — 2009. — 2 снеж. — C.9.
4. Белицкая, А. Есть только миг / Алина Белицкая // Ашмянскі веснік. — 2018. — 22 жніўня. — №64. — С. 5.
5. Лабунина Валентина Степановна // Кто есть кто в Республики Беларусь.
6. Женщины Беларуси. Т. 1. — Минск: Энциклопедикс, 2011. — С.85.