Клуб "Сустрэча" створаны ў 1996 г. пры ДУК "Ашмянская раённая бібліятэка" для чытачоў рознага ўзросту, у тым ліку ветэранаў і інвалідаў, аматараў чытання і мастацтва. Назву сваю - "Сустрэча" - клуб атрымаў таму, што стаў месцам сустрэч і суадносін, дзякуючы якім карыстальнікі бібліятэкі пашыраюць свой кругагляд, дапамагаюць адзін аднаму, знаходзяць увагу да сябе і падтрымку. Клуб працуе на аснове распрацаваных актывам аб'яднання праграмных дакументаў, у якіх вызначаны мэты і задачы клуба, правы і абавязкі членаў аб'яднання, органы самакіравання і іх функцыі, формы і метады работы, атрыбуты аб'яднання.
Дэвіз клуба: "У кожным чалавеку сонца - толькі дайце яму свяціць…" (Сакрат).
Мэты і задачы клуба:
- развіваць агульначалавечыя вартасці і духоўныя каштоўнасці;
- выхоўваць высокую свядомасць, грамадзянскасць;
- дапамагаць чытачам бібліятэкі спасцігаць гармонію жыцця, знаходзіць паратунак ад будзённасці ў прыгажосці ўзаемаадносін;
- прывіваць любоў да роднага слова, да мастацтва, да гістарычнай спадчыны, да Бацькаўшчыны;
- фарміраваць уменне бачыць незвычайнае вакол сябе, глядзець на будзёныя рэчы неабыякавымі вачыма;
- выхоўваць уменне разумець у мастацтве прыгожае, адрозніваць гарманічнае ад безгустоўнага;
- знаёміць з таленавітымі людзьмі Ашмяншчыны: паэтамі, мастакамі, удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны;
- дамінуючы аспект работы аб'яднання - чалавечнасць, міласэрнасць, гуманнасць.
Пасяджэнні клуба "Сустрэча" праходзяць ва ўтульнай чытальнай зале раённай бібліятэкі адзін раз у квартал і суправаджаюцца звычайна кніжнымі выставамі, вернісажамі, выставамі фотаздымкаў, малюнкаў чытачоў, вырабамі народных умельцаў. На мерапрыемствах, калі таго патрабуе сцэнарый, гучыць музыка, у эпізодах выступаюць самадзейныя артысты. У клубе выкарыстоўваюцца разнастайныя прыёмы работы: літаратурныя гасцёўні, вечарыны, музычныя салоны, бенефісы мясцовых аўтараў, прэс-канферэнцыі, прэзентацыі кніг, у т. л. выдадзеных раённай цэнтральнай бібліятэкай, круглыя сталы, вечары партрэтаў, сустрэчы, святы, экскурсіі і інш. Традыцыйна ўключаюцца ў праграмы мерапрыемстваў цікавыя конкурсы, дзелавыя гульні, віктарыны, паэтычныя лабірынты, паведамленні і інш. Кіраўніком клуба "Сустрэча" з'яўляецца загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Галінская Святлана Антонаўна.
ПЛАН ПАСЯДЖЭННЯЎ НА 2021 ГОД:
Люты – “З музыкай у сэрцы і душы” (сустрэча з кампазітарам М.Разенбергам).
Сакавік – “У свеце талентаў і захапленняў” (сустрэча з майстрамі - ўмельцамі).
Красавік – “На спатканне з паэзіяй” (сустрэча з паэткай Я.Чаплінскай).
Май – “Паэтычны вернісаж” (сустрэча з маладымі паэтамі Ашмяншчыны).
Чэрвень – “Культура, традыцыі, святы татарскага народа” (сустрэча з прадстаўнікамі татарскай дыяспары).
Ліпень – “З любоўю да сваіх землякоў” (сустрэча з Л. Бандарэвіч-Чарненка, пісьменніцай).
Жнівень – Сустрэча з Масака Тацумі, кіраўніком Інфацэнтра японскай культуры.
Верасень – «В сердцах людских затрагивает струны души» (вечар раманса).
Кастрычнік – “З песняй па жыцці” (сустрэча з Р.Яцуковіч, кіраўніком калектыва “Жытніца”).
Лістапад – “Даследчык родаў Ашмяншчыны” (сустрэча з гісторыкам В.Юрша і прэзентацыя кніг аўтара).
У 2021 годзе адбыліся пасяджэнні:
“У дружным адзінстве”. Менавіта так можна назваць нашу сустрэчу з прадстаўнікамі татарскай абшчыны Ашмяншчыны, якая адбылася ў ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка”. У прыемнай абстаноўцы Дзмітрый Радкевіч – старшыня Рады імамаў Мусульманскай рэлігійнай абшчыны Рэспублікі Беларусь, паведаміў пра гісторыю фарміравання, культуру і традыцыі татарскага народа на тэрыторыі раёна. Варта адзначыць, што амаль усе гісторыі суправаджаліся жартамі. А весці размову з усмешкай значна цікавей! Прыемным сюрпрызам сталі нацыянальныя прысмакі, якія падрыхтавалі нашы госці. Гальма, пірог з карыцай і піражкі не пакінулі абыякавым нікога! З упэўненасцю можна сказаць, што сустрэча прайшла на “выдатна”!
Прайшло выязное мерапрыемства клуба “Сустрэча” ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка”. Члены клуба наведалі краязнаўчы музей імя Ф. Багушэвіча ў г. Ашмяны. Супрацоўнікі краязнаўчага музея разам з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры г. Мінска падрыхтавалі літаратурна-музычную выставу “Жыццё ў слове…”. Супрацоўнік музея Чулева Вольга пазнаёміла прысутных з выставай, якая ахоплівае гісторыю беларускага друкавання з самага пачатку і да нашых дзён. Аповед плаўна пераходзіў ад аднаго пісьменніка да другога, апіраючыся на пэўныя этапы жыцця і напісання найбольш значных твораў. Мерапрыемства суправаджалася музычнымі падарункамі прысутным. Члены клуба “Сутрэча” Пятрова Марыя і Андрончык Людміла падзяліліся сваімі ўспамінамі і выказалі словы падзякі гасцям.
ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка” у чарговы раз правяла пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Сустрэча” “ Жывое паэтычнае слова”, на якім яго ўдзельнікі мелі магчымасць у інтэрактыўнай форме сустрэцца з пісьменнікамі і паэтамі Гродзенскага абласнога аддзялення пісьменнікаў Беларусі. На сустрэчу завітала старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч. Разам з ёй на сустрэчы прысутнічалі члены аддзялення Дзмітрый Радзівончык, Ганна Скаржынская-Савіцкая, Андрэй Татур.
Кожны з выступоўцаў пазнаёміў са сваёй творчасцю, кнігамі, якія выйшлі ў апошні час, прачыталі вершы. Чытачы бібліятэкі ўдзячны пісьменнікам за цікавыя аповеды, змястоўную сустрэчу, бо такія стасункі даюць магчымасць сутыкнуцца з лірычным, узвышаным, глыбока эмацыйным у наш не такі просты час. Мясцовая паэтка Адашкевіч Тэрэса прадставіла на суд прыхільнікаў жывога паэтычнага слова свой верш “Загляніце ў вёску.”
Сустрэча пакінула прыемныя ўспаміны.
25 сакавіка аддзел абслугоўвання і інфармацыі ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка” запрасіў усіх жадаючых на пасяджэнне клуба “Сустрэча” “У свеце талентаў і захапленняў”, падчас якога адбылося знаёмства з майстрам світ-дызайна Мешчановіч Марынай Міхайлаўнай. На сустрэчу завіталі пастаянныя ўдзельнікі бібліятэчных мерапрыемстваў, члены клуба “Сустрэча”, а таксама сябры і знаёмыя.
Марына Міхайлаўна творчы чалавек з вялікім мноствам захапленняў. У канферэнцзале бібліятэкі была арганізавана выстава яе работ, выкананых у рознай тэхніцы світ-дызайна. Марына Міхайлаўна чалавек рознабаковых захапленняў. Яна працуе выкладчыкам вакалу ў школе мастацтваў, з’яўляеццца ўдзельнікам раённых і гарадскіх мерапрыемстваў. Разам з дачкой Анастасіяй выканала некалькі музычных нумароў.
Для прысутных Марына Міхайлаўна правяла майстар-клас “Букет з цукерак”. "Салодкі букет у якасці падарунка, выкліча масу станоўчых эмоцый у атрымальніка. А спакаваць падарунак у кветкі з цукерак-гэта не толькі проста, але і арыгінальна. Букет цукерак незаменны, калі вы ідзеце на спатканне, на дзень нараджэнне, на экзамен, " - выказвае думку майстар.
Усе прысутныя атрымалі пазітыў і добры настрой.
План пасяджэнняў на 2020 год:
люты – “Беларускае слова У. Куліковіча” (сустрэча з У.Куліковічам).
сакавік – “На радзіме Ф.Багушэвіча” (выяздное пасяджэнне клуба).
красавік – “Мелодыі роднага краю” (сустрэча мастаком з У.Навіцкім).
май – “Паэзіі чароўныя радкі” (сустрэча з паэтам Э.Сяргеем).
чэрвень – “Свет нашых захапленняў” (сустрэча з сям’ёй Чэрскіх).
ліпень – “Творчасць у мастацтве і фларыстыцы” (сустрэча з І. Бельскай).
жнівень – Сустрэча з С. Лапушэўскім, пераможцам абласнога конкурсу макетаў “Архітэктурныя помнікі малой радзімы”.
верасень – «Романса трепетные звуки».
кастрычнік – “Што? Дзе? Калі?” (сустрэча з сям’ёй Шведавых).
лістапад – “Когда строку диктует чувсво” (сустрэча з маладымі паэтамі Ашмяншчыны).
План пасяджэнняў на 2019 год:
люты - "Сэрцам адданы гісторыі краю" (сустрэча з "Чалавекам года Гродзеншчыны" 2018 г. Сяргеем Жылікам);
люты - "Родны край, я цябе апяваю" (сустрэча з пісьменніцай Нінай Рыбік);
жнівень- "Гаворыць гісторыя са старонак газет" (пасяджэнне прысвечанае 80-годдзя раённай газеты "Ашмянскі веснік");
жнівень - "Нас яднае мудрасць кніг" (сустрэча з пісьменнікамі Гродзеншчыны);
верасень - "Лучше всего скажут только стихи" (сустрэча з пісьменнікам А.Марозавым);
верасень - "Аб чым маўчаць камяні" (выяздное пасяджэнне клуба да валуна "Нявесцін камень");
кастрычнік - "Гонар нашай зямлі - Крыштаф Монвід Дарагастайскі" (выяздное пасяджэнне клуба ў музейны краязнаўчы пакой у СБ аг. Мураваная Ашмянка);
лістапад - "Крыніцы народных талентаў" (сустрэча з народнымі майстрамі Ашмяншчыны);
снежань- "Я з радзімай зраслася сэрцам" (бенефіс мясцовай паэткі Генуэфы Кеўры).
У 2019 годзе адбыліся пасяджэнні:
27 лютага клуб “Сустрэча” ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка” запрасіў усіх жадаючых на чарговае пасяджэнне “Родны край, я цябе апяваю”, падчас якога адбылося знаёмства з астравецкай пісьменніцай Нінай Рыбік. На сустрэчу з паэткай прыйшлі чытачы розных узроставых катэгорый, занятых у розных сферах дзейнасці, аб’яднаныя агульным інтарэсам – цікавасцю да прыгожага слова. Ніна Аляксееўна Рыбік – член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза журналістаў . Аўтар кніг прозы : “Свае і чужыя”, “Права на адсяленне”, “Скрыжаванні”, яе творы ўвайшлі ў калектыўны зборнік “Астравецкай зямлі галасы”. Ёсць у яе і некалькі вершаў, казак для дарослых. Удзельнікі вечарыны маглі паслухаць урывак з казкі і некалькі вершаў. Святлана Галінская расказала аб узнагародах, дыпломах і граматах, якіх удастоена за сваю працу наша госця. Яна Лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх літаратурных прэмій, пераможца рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года – 2017”, Чалавек года Гродзеншчыны. Ніна Аляксееўна шчыра і пранікнёна расказвала пра сябе, пра свой край і родную веску Уласы, што на Гомельшчыне, пра сваю працу галоўным рэдактарам газеты “Астравецкая праўда”. На завяршэнні сустрэчы слухачы выказалі шматлікія словы ўдзячнасці, уручылі кветкі, сувеніры. Ніна Аляксееўна падарыла бібліятэцы некалькі сваіх выданняў.
У 2018 годзе адбыліся пасяджэнні:
28 лютага аддзел абслугоўвання і інфармацыі ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка” запрасіў усіх жадаючых на пасяджэнне клуба “Сустрэча” “Апантаныя творчасцю”, падчас якога адбылося знаёмства з творчасцю Святланы Сярпейка, народнага ўмельца з аграгарадка Кальчуны. На сустрэчу завіталі пастаянныя ўдзельнікі бібліятэчных мерапрыемстваў, члены клуба “Сустрэча”, а таксама яе сябры, знаёмыя і калегі.
Святлана Юр’еўна творчы чалавек з вялікім мноствам захапленняў. У чытальнай зале бібліятэкі была арганізавана выстава яе работ, выкананых у рознай тэхніцы: бацік, выцінанка, кропкавая графіка і інш. У Святланы Юр’еўны ёсць і незвычайнае захапленне – яна збірае ключы і лічыць, што гэта вельмі важная рэч, якая мае сваю гісторыю і прызначэнне. Таксама гэта таленавітая жанчына з’яўляецца ўдзельніцай фальклорнага калектыву “Скарбніца”. Тут Святлана Юр’еўна спявае, выступае з частушкамі, што разам з удзельнікамі калектыва і прадэманстравала прысутным. А яшчэ ў яе няўрымслівай душы нараджаюцца вершы. Вершы пра сям’ю, хабараўскі край, пра тое што блізка кожнай жанчыне – каханне. Удельнікі сустрэчы мелі магчымасць паслухаць вершы ад самаго аўтара.
24 красавіка ў Ашмянскай раённай бібліятэцы ў рамках клуба “Сустрэча” адбылася творчая вечарына вядомай беларускай паэтэсы Валянціны Паліканінай “Роднае, кроўнае, святое...”. На сустрэчу з паэткай прыйшлі чытачы розных узроставых катэгорый, занятых у розных сферах дзейнасці, аб’яднаныя агульным інтарэсам – цікавасцю да паэзіі.
Валянціна Пятроўна Паліканіна – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза расійскіх пісьменнікаў і Міжнароднай федэрацыі рускамоўных пісьменнікаў. Аўтар кніг: «Найдите время для любви», «Две музы», «Свет неизбывный», «Память», «Не сдавайся времени, душа!» і інш. У яе творчым арсенале не толькі паэзія, але і публіцыстыка, проза. Яна Лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх літаратурных прэмій, пераможца рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года – 2017”.
Валянціна Пятроўна шчыра, пранікнёна расказвала пра сябе, чытала вершы, якія, здавалася, пішуцца сэрцам, выходзяць самі з нетраў яе натхнёнай душы: вершы аб Радзіме, маці, жанчыне, любові. На завяршэнні сустрэчы слухачы выказалі шматлікія словы ўдзячнасці, уручылі кветкі, сувеніры, музычныя нумары, набылі кнігі з аўтографам аўтара. Валянціна Пятроўна падарыла бібліятэцы некалькі сваіх выданняў.
25 кастрычніка адбылося чарговае пасяджэнне клуба “Сустрэча” аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка” “Зямлі маёй і землякам”. На сустрэчу з аматарамі паэзіі завітала вядомая беларуская паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, уражэнка вёскі Міхайлоўшчына Ашмянскага раёна Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч.
Паэтэса расказала аб пачуццях і ўражаннях, з якімі яна прыязжае ў родныя мясціны, зачытала вершы аб родных сэрцу дзіцячых гадах, роднай хатцы, падзялілася ўспамінамі як трапіла на Валожыншчыну, як утварылася яе сям’я, аб дзецях, унуках, зачытала вершы прысвечаныя сваім родным.
Валожыншчына стала творчым плацдармам для нашай госці. Вядучая сустрэчы Святлана Галінская расказала аб узнагародах, дыпломах і граматах, якіх удастоена за сваю працу Валянціна Францаўна. Яна ў сваю чаргу пазнаёміла прысутных з творчай дзейнасцю народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, кіраўніком якога з’яўляецца.
Да мерапрыемства работнікі бібліятэкі арганізавалі кніжную выставу “На нітцы часу”, дзе дэманстраваліся выданні паэтэсы. Агляд літаратуры зрабіла сама госця. Яна цікава расказала аб гісторыі кожнай кнігі. Асаблівую ўвагу надала выданню апошняга зборніка паэзіі, які пабачыў свет у 2018 годзе “На нітцы часу”.
Лірыка Валянціны Францаўны вельмі меладычная, таму многія яе вершы пакладзены на музыку. У час мерапрыемства гучалі песні на словы Валянціны Францаўны у выкананні артыстаў ДУК “Валожынскі раённы цэнтр культуры”.
Напрыканцы сустрэчы прысутныя выказалі словы падзякі зямлячцы, пажадалі далейшых творчых поспехаў Валянціне Францаўне за яе творчасць, моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту.
20 снежня адбылося чарговае пасяджэнне клуба “Сустрэча” аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка” “Пазнаем край разам”, прымеркаванае да Года малой радзімы. На сустрэчу былі запрошаны краявед з Гальшан Лабуніна Валянціна Сцяпанаўна, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вучоны нашай зямлі” ДУА “Кальчунская сярэдняя школа” Давідовіч Таццяна Ягораўна , дырэктар УК “Ашмянскі краязнаўчы музея імя Ф. Багушэвіча” Навіцкая Настасся Васільеўна, а таксама чытачы бібліятэкі і вучні ДУА “Сярэдняя школа №3 г.Ашмяны”.
Ашмяншчына – гэта цікавы і непаўторны край на карце нашай краіны. Яна натхняла і працягвае прывабліваць сваім хараством, сваей непаўторнасцю паэтаў і пісьменнікаў, гісторыкаў і даследчыкаў, мастакоў і архітэктараў, навукоўцаў, кожны з якіх імкнуўся праславіць наш край, нашу маленькую Радзіму, каб пакінуць для нашчадкаў бясцэнны дар – часцінку сябе і сваёй работы на карысць роднай зямлі.
Спачатку вядучая мерапрыемства ўспомніла краязнаўцаў, якія пакінулі для нашчадкаў кнігі, прысвечаныя нашай мясцовасці – Корзуна Э.С., Каранеўскага А.Р., Нікалаева Ю.І. Далей яна запрасіла да размовы гасцей сустрэчы, якія на сённяшні дзень займаюцца вывучэннем і даследаваннем гісторыі нашай любай Ашмяншчына. Валянціна Сцяпанаўна Лабуніна расказала пра сваю бібліятэчную дзейнасць, чаму яна зацікавілася гісторыяй мястэчка Гальшаны, як яна збірала матэрыял для сваіх публікацый у раённай газеце пра Гальшаны і гальшанцаў. Прысутныя з увагай слухалі аповед выступоўцы пра тое, як вядуцца работы па аднаўленню башні Гальшанскага замка, пра вядзенне работ на яўрэйскіх могілках. А яшчэ Валянціна Сцяпанаўна захапляецца фатаграфіяй. На мерапрыемсве была прадстаўлена выстава яе работ “Гэтым ганарыцца Гальшанская зямля” і аўтар пракаменціравала свае фотаработы.
Таццяна Ягораўна паведаміла прысутным, як упершыню пачула пра вядомага польскага вучонага-хіміка, філосафа, асветніка пачатку ХІХ стагоддзя, значная частка жыцця якога прайшла на Ашмяншчыне Анджэя Снядэцкага. Расказала пра музей, які носіць яго імя, пра стасункі з родзічамі вучонага, пра мясціны, дзе жыў і працаваў А.Снядэцкі. Разам з Таццянай Ягораўнай на сустрэчу прыйшлі вучні школы, якія займаюцца ў гуртку “Сябры музейнай справы”: Грыневіч Уладзіслаў, Пяткевіч Карына, Міцкевіч Вольга і Лыскойць Ангеліна. Яны прачыталі вершы мясцовых паэтак Г.Кеўры і Г.Даўгашэй, прысвечаныя земляку, а таксама верш Станіслава Балінскага на польскай мове.
Настасся Васілеўна расказала пра сваю музейную біяграфію, як наладжваюцца сувязі з музеямі краіны, пра выставы, якія ладзяцца ў музеі. Яна сканцэнтрыравала сваю ўвагу на краязнаўчай дзейнасці музея, падзялілася ўражаннямі ад выстаў, якія ладзяць супрацоўнікі музея.
У 2017 годзе адбыліся наступныя пасяджэнні:
1. "Не пускайце ў сэрца адзіноту" (сустрэча паэтэсай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Алай Клемянок) - ІІ квартал.
30 чэрвеня Ашмянская раённая бібліятэка запрасіла чытачоў і ўсіх жадаючых на пасяджэнне клуба “Сустрэча” “Не пускайце ў сэрца адзіноту”, падчас якога адбылося знаёмства з творчасцю Алы Клемянок, смаргонскай паэткі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ала Леанідаўна працуе журналісткай у раённай газеце “Светлы шлях”, вершы піша са школьнага ўзросту. З-пад яе пяра выйшлі зборнікі вершаў: “Яны не ведалі мяне” (1999), “Бывай, Альба Рутэнія!” (2007), “Рэфлексія” (2010), “Не пускайце ў сэрца адзіноту” (2013). Да таго ж яна добра спявае, грае на гітары. У гэтым прысутныя змаглі пераканацца самі, праслухаўшы ў яе выкананні некалькі песень, музыку да якой яна напісала сама. На сустрэчу Ала Клемянок прыйшла з сяброўкай, аднадумцай, гісторыкам, былой супрацоўніцай Залескага музея-сядзібы М. Агінскага Таццянай Кляшчонак, якая расказала шмат цікавага пра суразмоўцу, разам яны выканалі песню пад акампанемент гітары. Чытачы з задавальненнем слухалі вершы ў выкананні аўтара: “Трыялет”, “Бывай, Альба Рутэнія”, “Я не паэт”, “Мова” і інш.; яе аповед пра сябе, пра творчасць, пра захапленні раскрыў перад імі паэтычную, творчую, рамантычную натуру. клапатлівую маці і жонку. У знак павагі удзячныя слухачы паднеслі паэтцы кветкі, а яна ў сваю чаргу падарыла бібліятэцы зборнік сваіх вершаў “Не пускайце ў сэрца адзіноту”.
2. "Тэатр: лёсы і ролі" (творчая сустрэча да 70-годдзя з часу стварэння народнага тэатра ДУК "Ашмянскі раённы цэнтр культуры") - ІІІ квартал.
15 кастрычніка ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка” правяла чарговае пасяджэнне клуба “Сустрэча”, прысвечанае 70-годдзю Ашмянскага Народнага драматычнага тэатра, – “Тэатр: лёсы і ролі”. У чытальнай зале бібліятэкі сабраліся пастаянныя члены клуба, а таксама прыхільнікі і аматары тэатральнага жыцця горада.
Вядучая Святлана Галінская распачала сустрэчу з кароткай гісторыі ўтварэння тэатра. У працяг яе слоў артысты тэатра Наталля Ягела і Андрэй Кузьменка сыгралі сцэну са спектакля А.Дударава “Чорная панна Нясвіжа”. У працэсе прагляду відэапрэзентацыі “Тэатральнае жыццё: мінулае і дзень сённяшні”, які суправаджаўся каментарыем галоўнага рэжысёра тэатра Людмілы Спірыдонавай, прысутныя разам прайшліся па старонках тэатральных пастановак, успомнілі артыстаў, рэжысёраў, якіх ведалі і захапляліся іх ігрой. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых, каго ўжо няма разам з намі: А.Міхеенка, Г.Падляцкі, У.Садоўскі, Э.Лукша, А.Спірыдонаў, Г.Папкова, Я.Архіпава, К.Казлова, В.Дабраўляніна і інш. Вядучая таксама назвала склад артыстаў сучаснага тэатра: Л.Ермакова, А.Кузьменка, Н.Гардзей, Я.Астрамовіч, Д.Кузьменка і інш.
Сваімі ўспамінамі аб першых гадах тэатра падзіліліся ветэраны культуры Уладзімір Карасёў і Мікалай Разенберг. Аб тым, як прыйшлі ў тэатр і што дае ім сцэна расказалі вядомыя ашмянскаму гледачу артысты Людміла Ермакова, Андрэй Кузьменка, маладыя артысты Дзяніс Кузьменка, Наталля Ягела. Падзялілася задумкамі аб новых пастаноўках рэжысёр Людміла Спірыдонава.
У канцы па традыцыі ўсе разам сфатаграфаваліся на памяць.
3. "Не могу быть равнодушной" (сустрэча з мясцовай мастачкай Ірынай Лапушэўскай).
22 снежня аддзел абслугоўвання і інфармацыі ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка” запрасіў усіх жадаючых на пасяджэнне клуба “Сустрэча” «Не могу быть равнодушной», падчас якога адбылося знаёмства з творчасцю Ірыны Лапушэўскай, ашмянскай мастачкі. У чытальнай зале бібліятэкі арганізавана выстава яе карцін, якая будзе дзейнічаць на працягу месяца і кожны жадаючы зможа яе наведаць. Па словах самой мастачкі “у кожнай карціне можна знайсці для сябе нешта сваё, але аб’ядноўвае іх адно – усе карціны напісаны ад душы і для душы”. На сустрэчу завіталі прыхільнікі мастацтва, жывапісу, пастаянныя ўдзельнікі бібліятэчных мерапрыемстваў, а таксама сябры і знаёмыя Ірыны Рамуальдаўны. Мастачка расказала прысутным пра сябе, пра сваю творчасць, як пішуцца карціны і адкуль чэрпаецца натхненне. Ірына Рамуальдаўна займаецца творчасцю даўно – малюе, робіць кампазіцыі з кветак і прыроднага матэрыялу, а паштоўкі ручной работы дорыць сваім блізкім і родным. Да яе часта звяртаюцца за парадай такія ж апантаныя людзі як і яна, якія робяць першыя крокі ў хэнд-мэйдзе. Яе кватэра напоўнена прыгожымі рэчамі, якія зроблены сваімі рукамі. У канцы сустрэчы Ірына Рамуальдаўна пажадала прысутным: “Глядзіце глыбей, чытайце паміж радкоў, вучыцеся большаму, імкніцеся разумець і спазнаць сябе. Навакольны свет – гэта адлюстраванне ўнутранага міра кожнага чалавека. Калі вам падабаецца карціна – то яе прыгажосць ёсць і ўнутры вас.”
Запрашаем на нашы пасяджэнні!
У 2016 годзе адбыліся наступныя пасяджэнні клуба:
1. 22 верасня ў раённай бібліятэцы адбыўся юбілейны вечар да 20-годдзя заснавання клуба “Сустрэча” “20 альбо ўсё толькі пачынаецца”. На пачатку мерапрыемства ўсім прысутным быў прадэманстраваны відэаролік-віншаванне. Вядучыя мерапрыемства Вольга Тарашкевіч і Сяргей Жылік вярнулі прысутных у далёкія 90-я гады, калі загадчыку аддзела абслугоўвання і інфармацыі Марыне Белавус і метадысту Галіне Палубінскай прыйшла ідэя стварыць клуб зносін і сустрэч, якім стала “Сустрэча”.
За 20 год існавання клуб набыў папулярнасць у чытачоў і жыхароў горада, з’явіліся пастаянныя члены клуба, якія наведвалі і дапамагалі ў арганізацыі пасяджэнняў і на працягу многіх гадоў заставаліся яго вернымі сябрамі. Некаторыя з іх завіталі і на юбілейны вечар.
Для клуба традыцыйнымі сталі сустрэчы з мастакамі, музыкамі, паэтамі і проста таленавітымі людзьмі. Першае пасяджэнне ў 1996 годзе было прысвечана паэзіі і яго ўдзельнікі сустрэліся з Рамуальдай Ануфрыевай і Анатолем Вішнеўскім, добра вядомымі на Ашмяншчыне паэтамі. Наогул за час існавання “Сустрэчы” яе наведалі як вядомыя ў краіне літаратурныя і грамадскія дзеячы так і шматлікія мясцовыя творцы.
Кожнае пасяджэнне рыхтавалася па асабліваму. Супрацоўнікі раённай бібліятэкі афармлялі выставы работ шматлікіх мастакоў і фотааматараў, выдавалі зборнікі вершаў і песен, адшуквалі аднакласнікаў, аднакурснікаў і даўніх сяброў запрошаных у клуб гасцей, пры арганізацыі адной з сустрэч наведалі мясціны, дзе жыў і вучыўся яе ўдзельнік, Мікалай Супрановіч, дырэктар выдавецтва “Адукацыя і выхаванее”, каб падрыхтаваць відэафільм з успамінамі землякоў аб ім і яго родных, што стала нечаканым сюрпрызам для яго. Шмат іншых цікавых і яркіх момантаў прыйшло на памяць пры падрыхтоўцы і правядзенні юбілейнага вечара.
На святочнае мерапрыемства былі запрошаны ўсе, з кім адбыліся сустрэчы ў клубе на працягу 20 гадоў існавання. Гэта паэты і пісьменнікі, кампазітары і выканаўцы, калекцыянеры, краязнаўцы і фотааматары, чыё жыццё і творчасць звязана з Ашмянамі і раёнам.
Сёння клуб “Сустрэча” стаў неад’емнай часткай раённай бібліятэкі і кожны хто тут працаваў і працуе ўнёс своў уклад у яго работу. Вядучыя мерапрыемства ўспомнілі і павіншавалі з юбілеем клуба ўсіх яго кіраўнікоў, якім і было прапанавана патушыць свечкі на святочным торце.
2. 16 чэрвеня ўдзельнікі клуба “Сустрэча” ДУК "Ашмянская раённая бібліятэка" сустрэліся с ашмянскім паэтам, краязнаўцам, калекцыянерам Васілём Юршам. В. Юрша – чалавек рознабаковых захапленняў, аўтар кніг: зборніка вершаў “Белая варона” (2007), “Фамільный кнігі” (2007), кнігі радаводаў “Ашмянскі край: т.1. Шляхецкія роды на Ашмяншчыне” (2015) і інш. У апошнія гады актыўна даследуе фамільныя роды Ашмяншчыны. Заняўшыся даследаваннем свайго радаводу, Васіль Адамавіч пашырыў кола пошуку, у выніку чаго прасачыў многія роды Ашмяншчыны ўглыб да ХУІ-ХУІІ стст. Зараз працуе над складаннем радаводаў былога Ашмянскага павета. Аб усім гэтым ішла размова падчас сустрэчы. Адказваючы на шматлікія пытанні аўдыторыі, В.Юрша расказаў аб тым, як яму даводзілася весці пошук: наведаць архівы не толькі Беларусі, але і Літвы, Расіі; шмат працаваў у бібліятэках Мінска.
Васіль Адамавіч расказаў аб сваёй паэтычнай творчасці. Яго вершы можна прачытаць не толькі ў зборніку «Белая ворона», які ёсць у фондзе бібліятэкі, але і на старонках “Ашмянскага весніка”, а таксама на интэрнэт-сайте «stihi.ru».
Мерапрыемства суправаджалася прэзентацыяй “Васіль Юрша – знакаміты зямляк”. Была падрыхтавана выстаўка “Геральдыка шляхецкіх родаў Ашмяншчыны”. Напрыканцы В.Юрша падарыў усім прысутным зборнік сваіх вершаў «Белая ворона» с асабістым аўтографам.
У 2015 годзе адбыліся наступныя пасяджэнні:
1. 23 красавіка члены клуба "Сустрэча" прынялі ўдзел у раённым літаратурным свяце “І жыве твой народ, і звініць твае слова” з нагоды ўшанавання пачынальніка беларускай літаратурнай мовы, паэта-дэмакрата Ф.Багушэвіча, якой адбылося ў Жупранскім сельскім Доме культуры. Арганізатарам свята была ДУК "Ашмянская раённая бібліятэка".
Мерапрыемства сабрала шматлікую аўдыторыю: вучняў і настаўнікаў мясцовай школы, жыхароў аграгарадка Жупраны, бібліятэчных і клубных работнікаў, чытачоў раённай бібліятэкі. Старонкі жыцця і творчасці прысутныя гарталі разам з вядучымі Аксанай Юркантовіч і Сяргеем Жылікам.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел пісьменнік, паэт, даследчык радаводу Багушэвіча, уражэнец Ашмян Васілій Юрша, мясцовая паэтка Ірына Ізбіцкая, народны ансамбль “Жытніца”. Раённы цэнтр культуры падрыхтаваў да свята канцэртна-тэатралізаваную праграму.
Госці мелі магчымасць пазнаеміцца з выставай літаратуры “Сэрцам адчуць песняра”. Краязначы музей ім.Ф.Багушэвіча прадставіў развернутую выставу “Паэты заўсёды вяртаюцца”.
У гэты ж дзень, у скверы, дзе знаходзіцца помнік Ф.Багушэвічу, адбыўся мітынг, у якім прынялі ўдзел старшыня сельвыканкама і загадчык школьнага музея ім.Ф.Багушэвіча.
Да помніка і на магілу паэта былі ўскладзены кветкі.
2. 21 ліпеня ўдзельнікі клуба "Сустрэча" у рамках фестываля праваслаўнай культуры «Кладезь» завіталі на сустрэчу са студэнткай Kingston University, пісьменнікам і прадпрымальнікам Святланай Бэнкс «Вера, надежда, любовь». Расказываючы сваё гісторыю, Святлана зноў і зноў напамінала прысутным, што ў жыцці заўсёды ёсць месца для цуда і шчасця. Проста трэба навучыцца яго заўважаць. Сказаць, што ты верыш у штосьці – нашмат прасцей, чым верыць у гэта на самай справе. Значна лягчэй усё падвяргаць скептыцызму, праяўляць недавер, цяжэй - заставацца з шчырай, адкрытай душой, верыць у чысціню намераў. Часта гэтая вера шчодра папаўняецца Богам. Атмасфера сустрэчы атрымалася душэўнай і дружалюбнай. Пасля зносін са Святланай і яе мужам Шайло ўсе прысутныя адчулі, як энэргія гэтай сям’і сагравае іх сэрцы і дорыць радасць.
3. 28 ліпеня ў Ашмянскай раённай бібліятэцы ў рамках фестываля праваслаўнай культуры «Кладезь» прайшла сустрэча з настаяцелем прыхода храма Ўваскрасення Хрыстова г.Ашмяны айцом Пятром і Наталляй Шчарбаковай, кандыдатам культуралогіі, выкладчыкам БДПУ ім. М.Танка. Аёцец Пётр павіншаваў усіх з Днём памяці Святога Роўнаапостальнага князя Ўладзіміра (28 ліпеня), асветніка і хрысціцеля Русі, распавёў пра яго значэнне ў гісторыі хрысціянства на нашых землях, а таксама ўручыў абразкі з выявай Святога.
Наталля Шчарбакова, выдучая праекта “Праваслаўныя святыні Беларусі”, зацікавіла сваіх слухачоў гутаркай «Тропинка к святыням родного края». Размова ішла аб жыціі святых пакутнікаў, абразах, месцазнаходжанне розных храмаў і манастыроў на тэрыторыі Беларусі ў мінулым і сучаснасці. У час размовы слухачы маглі пазнаёміцца з абразамі. Ўзбагаціць свае веды аб праваслаўных святах і датах святых пакутнікаў дапамагла відэапрэзентацыя “Праваслаўны каляндар”.
4. 21 жніўня ў чытальнай зале дзяржаўнай установы культуры “Ашмянская раённая бібліятэка” адбылося незвычайнае мерапрыемства – дэманстрацыя сапраўднай японскай “чайнай цырымоніі”. Яе правяла кіраўнік Інфармацыйнага цэнтра японскай культуры ў г.Мінску Масако Тацумі, яе дачка Юэ, а таксама бацькі Ясуакі і Казуко Тацумі, якія жывуць ў Японіі і адзін раз у год наведваюць нашу краіну.
Спачатку Масако распавяла прысутным гісторыю ўзнікнення “чайнай цырымоніі”, а затым крок за крокам паказалі працэс яе правядзення па ўсіх правілах японскай культуры. Удзельнікі мерапрыемства ўважліва сачылі за тым, што адбывалася ў імправізаваным “чайным доміку”, а затым і самі змаглі паўдзельнічаць ў цырымоніі піцця чаю. Усе жадаючыя паспрабавалі дакладна паўтарыць рытуал, паспыталі японскія прысмакі і сапраўдны зялёны чай.
Гасцямі цырымоніі сталі чытачы і супрацоўнікі бібліятэчных устаноў, а таксама жыхары горада, якія цікавяцца японскай культурай. На памяць аб сустрэчы і нашым раёне начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Балінская падаравала памятныя сувеніры, кнігі і цукеркі. З пажаданнямі часцей наведваць наш горад сваю ўласную кнігу прэзентавала Тамара Філіповіч. У сваю чаргу госці падарылі ў фонд бібліятэкі літаратуру аб Японіі і японскія нацыянальныя сувеніры.
Напярэдадні мерапрыемства для гасцей з Японіі была арганізавана экскурсія па гораду і раёне. Яны наведалі ўстановы культуры - краязнаўчы музей ім. Ф.Багушэвіча, аддзел рамёсел і традыцыйнай культуры в.Паляны, музей мерыдыяна Дугі Струве ў сельскай бібліятэцы аграгарадка Гальшаны. Пазнаёміліся з помнікамі гісторыі і архітэктуры раёна: з касцёламі ў аграгарадках Гальшаны і Баруны, з сінагогай, з Галшанскім замкам, а таксама помнікам прыроды валуном “Нявесцін камень”.
5. 6 кастрычніка ў клубе "Сустрэча" сабраліся чытачы пажылога ўзросту на святочны вечар «Праздник почетного возраста», прысвечаны Дню пажылых людзей. Вядучая адрасавала шмат цёплых слоў старэйшым чытачам бібліятэкі, запрасіла да ўдзелу ў конкурсах, звярнула ўвагу на спецыяльна аформленую кніжную выставу «Что читают люди «золотого возраста». Святочны настрой дапамагалі ствараць музыкі ансамбля «Хорошее настроение» Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў, а таксама салісты Таццяна Раціна, Канстанцін Яраш і Таццяна Казак.
6. 5 лістапада 2015 года у клубе “Сустрэча” прайшла творчая сустрэча з Валерыям Готка, жыхаром горада Ашмяны, аўтарам і выканаўцам песняў уласнага сачынення. Паслухаць песні і бліжэй пазнаёміцца з Валерыям Георгіевічам прыйшлі не толькі пастаянныя наведвальнікі клуба, але і ўсе, хто цікавіцца творчасцю госця.
Пачалася сустрэча з дэманстрацыі аўтарскага мукальнага кліпа на песню «Страна, вперед!», у якім фотаздымкі з сямейнага альбома Валерыя Готкі чаргаваліся з пейзажамі роднага краю. На мерапрыемстве гучалі песні ў жывым выкананні аўтара. Кожнаму музычнаму нумару папярэднічаў расповед аб гісторыі напісання песні.
Асаблівае захапленне выклікалі песні «Прости, мама!», «Ты лучше всех», «Признание в любви», «Здорово, брат», «Неформат» і інш. Час прайшоў непрыкметна. Удзельнікі мерапрыемства атрымалі вялікі зарад эмоцый ад сустрэчы з таленавітым музыкай і проста цікавым чалавекам Валерыям Готка.
Запрашаем наведаць нашы пасяджэнні!
люты – “Беларускае слова У. Куліковіча” (сустрэча з У.Куліковічам).
сакавік – “На радзіме Ф.Багушэвіча” (выяздное пасяджэнне клуба).
красавік – “Мелодыі роднага краю” (сустрэча мастаком з У.Навіцкім).
май – “Паэзіі чароўныя радкі” (сустрэча з паэтам Э.Сяргеем).
чэрвень – “Свет нашых захапленняў” (сустрэча з сям’ёй Чэрскіх).
ліпень – “Творчасць у мастацтве і фларыстыцы” (сустрэча з І. Бельскай).
жнівень – Сустрэча з С. Лапушэўскім, пераможцам абласнога конкурсу макетаў “Архітэктурныя помнікі малой радзімы”.
верасень – «Романса трепетные звуки».
кастрычнік – “Што? Дзе? Калі?” (сустрэча з сям’ёй Шведавых).
лістапад – “Когда строку диктует чувсво” (сустрэча з маладымі паэтамі Ашмяншчыны).