6.11.1946 г. у г.Ашмяны. нарадзіўся Шакола Пётр Валяр’янавіч (1946–2018), паэт, краязнавец, педагог. З першага па дзевяты клас вучыўся ў гарадской СШ №1, а затым у вячэрняй, сярэднюю школу закончыў у1964 г. Працаваў рабочым, інспектарам аддзела сацзабеспячэння. З 1965 па 1968 год служыў у Савецкай Арміі (аператар зенітнаракетнага дывізіёна). У 1968 – 1970 гг. – настаўнік фізкультуры і выхавацель прышкольнага інтэрната Жупранскай СШ. З 1970 па 1985 гг. займаў розныя службовыя пасады ў дзяржаўных, партыйных і сельскагаспадарчых органах. У 1975 г. закончыў завочна Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут і атрымаў спецыяльнасць вучонага агранома, у 1992 г. – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці біёлаг, выкладчык біялогіі і хіміі. З 1985 г. працаваў у школах Ашмянскага раёна (Янканцаўскай НСШ, Рудзішскай БШ, Цудзенішскай СШ, Анкудскай БШ) настаўнікам, дырэктарам.
У вольны ад вучобы і працы час захапляўся літаратурай, музыкай, спортам. Але галоўнае – паэзія. Пісаць вершы пачаў амаль што з дзяцінства. Але асаблівага плёну творчасць паэта дасягнула ў сталым узросце. Тэматыка яго паэзіі рознабаковая: любоў да Радзімы, прырода роднага краю, каханне. Гэта паэмы, вершы, гумарэскі. На некаторыя з яго вершаў мясцовы кампазітар М.Р.Розенберг напісаў песні: “Прывітальная”, “Маёй каханай”, “Любімыя Ашмяны” і інш. Самастойна выдаў зборнікі “Я вазьму ў далоні свет сонца” (2004), “А рука пацягнулася зноў да пяра” (2006), “Каб мог бы я спыніць імгненне” (2008), “У рыфмы словы апрануцца” (2010). “Ашмяны – родны кут” (2012), “Зазірні ў запаснікі памяці” (2015) і інш. Друкаваўся на старонках раённай газеты “Ашмянскі веснік”.
Крыніцы інфармацыі:
1. Беліцкая, А. “Завітаю ў запаснікі памяці…”: сустрэча з Пятром Шаколам у краязнаўчым музеі / Аліна Беліцкая // Ашмянскі веснік. – 2011. – 17 снежня. – C.9.
2. Шакола Пётр Валяр'янавіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2021 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2020. – С. 35-36.
3. Шакола Пётр Валяр’янавіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна/ рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003.– С. 591–592). (З крыніц народных).