5.11.1956 г. у г.Ашмяны Гродзенскай вобл. нарадзіўся Юрша Васіль Адамавіч, краязнавец, паэт, калекцыянер. Дзіцячыя і школьныя гады прайшлі ў Ашмянах. У 1979 г. закончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут па прафесіі інжынер-сістэматэхнік. З 1980 па 1982 гг. служыў на разнастайных афіцэрскіх пасадах на Далёкім Усходзе. У 1988 г. яму прысвоена званне капітана запасу.
Працоўная дзейнасць В.А.Юршы звязана з ААТ “Мінскі гадзіннікавы завод”. У 2005 г. удастоены ганаровага звання “Ветэран працы”.
З 2000 г. актыўна займаецца даследаваннем генеалогіі насельніцтва ў межах былога Ашмянскага павета. У выніку шматгадовай настойлівай працы ў архівах Літвы і Беларусі ўзнавіў свой сямейны радавод ў трыццаці пакаленнях з 1650-х гадоў і пабудаваў радаводы шматлікіх сотняў іншых прозвішчаў ашмянскай шляхты.
Пісаць вершы Васіль Адамавіч пачаў пасля цяжкай хваробы ў пачатку 2000-х гадоў. Сёння на яго ліку не адна тысяча паэтычных твораў. Друкуецца ў інтэрнэце на сайце «Стихи.ru», на старонках раённай газеты “Ашмянскі веснік” і інш. Апроч паэзіі захапляецца філатэліяй. Аўтар кніг «Белая ворона»: сборник стихов (2007), «Ошмянский край. Том 1. Шляхетские роды на Ошмянщине» (2015), «Фамильная книга: генеалогия рода Юршей» (2007).
Крыніцы інфармацыі:
1. Валынец, Н. Фамільная кніга Васіля Юршы [Текст] : Ашмянец даследваў свой радавод / Наталія Валынец // Гродзенская праўда. — 2014. — 6 лютага (№15). — С.6.
2. Юрша Васіль Адамавіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2021 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2020. – С. 34-35.
3. Раённае ўпраўленне па працы і сацыяльнай абароне // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 516-517. (Прадпрыемствы, арганізацыі, установы).