2.10.1885 года у в.Гальшаны нарадзіўся Стрыеўскі Канстанцін Канстанцінавіч, рэвалюцыйны і дзяржаўны дзеяч. Закончыў народнае вучылішча ў Гальшанах. У 1896 г. сям’я пераязджае ў Рыгу. З 11 гадоў Канстанцін пачаў працаваць у Рыжскіх чыгуначных майстэрнях. У 17-гадовым узросце ўступае ў рады РСДРП, выбіраецца членам падпольнага забастовачнага камітэта чыгуначных майстэрань.
У 1908 г. арыштаваны, сасланы ў Валагодскую губерню. У 1911 г. прыязджае ў Маскву, дзе працягвае рэвалюцыйную дзейнасць. У 1913 г. арыштаваны і сасланы ў паўночныя паветы Аланецкай губерні. У 1916 г. вярнуўся з ссылкі і быў прызваны ў армію, дзе працягваў рэвалюцыйную прапаганду. Прымаў удзел у Кастрычніцкім узброеным паўстанні.
З 1917 г. К.Стрыеўскі – першы камісар па харчаванні. Пасля грамадзянскай вайны працуе ў Маскве на розных партыйных і дзяржаўных пастах. У канцы снежня 1922 г. – дэлегат І з’езда Саветаў.
У 1927 г. К.Стрыеўскага прызначаюць старшынёй Маскоўскага саўнаргаса. З чэрвеня 1930 г. сакратар Маскоўскага абкома партыі і адначасова старшыня ВСНГ РСФСР. У 1932 г. быў назначаны наркомам лёгкай прамысловасці РСФР, абраны членам ЦВК СССР.
У 1937 г. быў арыштаваны па справе Тухачэўскага. Загінуў 21.04.1938г. Рэабілітаваны пасля ХХ з’езда КПСС.
Крыніцы інфармацыі:
1. Паўлючэнка, Н.У. Рэвалюцыянер і грамадскі дзеяч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С.170 — 171.
2. Стрыеўскі Канстанцін Канстанцінавіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2015 год / склад. Г. У. Палубінская.-Ашмяны, 2015. — С. 33 — 34.