14.09.1934 г. нарадзіўся Нікалаеў Юрый Іванавіч (1934–2013), журналіст, рэдактар газеты “Ашмянскі веснік”, Заслужаны работник культуры БССР (1989), Заслужаны журналіст Беларусі (2009), Ганаровы грамадзянін г.Ашмяны (2009). Месца нараджэння – г.Кранштат Ленінградскай вобласці. У гады Вялікай Айчыннай вайны страціў бацькоў і малодшага брата. Выхоўваўся ў дзіцячым доме імя Заслонава Шаркаўшчынскага раёна, дзе скончыў сярэднюю школу. У 1960 г. закончыў БДУ, аддзяленне журналістыкі.
З верасня таго ж года працаваў у раённых газетах Гродзеншчыны: у радунскай – літсупрацоўнікам, у скідзельскай – адказным сакратаром, у ваўкавыскай – загадчыкам сельгасаддзела, у лідскай – намеснікам рэдактара. Са студзеня 1969 г. па студзень 2005 г. – рэдактар ашмянскай раённай газеты.
Узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. За цыкл матэрыялаў аб станаўленні мясцовага друку на заходніх тэрыторыях рэспублікі пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі прысуджана званне лаўрэата прэміі Беларускага саюза журналістаў у рэспубліканскім творчым конкурсе “Залатое пяро”. Аўтар кнігі “На хвалі часу, у плыні жыцця” (2009).
Да апошніх дзён працаваў журналістам ашмянскай раённай газеты. Памёр 3.11.2013 г.
Крыніцы інфармацыі:
1. Волынец, Н. Тех дней не забуду / Наталия Волынец ; фото // Гродзенская праўда. — 2010. — 8 мая. — С. 11.
2. Нікалаеў Юрый Іванавіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2019 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2018. – С. 25 – 26.
3. Нікалаеў Юрый Іванавіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 564. (Вызначыліся працай. Заслужаны работнік культуры).
4. Николаев Юрий Иванович: краткие биографические сведения // Почетные граждане. – Режим доступа http: //oshmiany.gov.by/ru/pochetnye-grajdane-ru/
5. Николаев, Ю.Богуш, А. В. Редакторские университеты / Юрий Николаев; А.В.Богуш, В.П.Омелько // Призвание быть журналистом. — . — С.134-138.