15.07.1939 г. у в.Мілушава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. нарадзіўся. Каранеўскі Аляксандр Рыгоравіч (1939–2003), педагог, журналіст, краязнавец, укладальнік кнігі “Памяць. Ашмянскі раён”.
Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Рыжскае мараходнае вучылішча, працаваў на рыбалавецкіх суднах. Пасля службы ў арміі паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на гістарычны факультэт, вучыўся спачатку на стацыянары, потым завочна. Пасля працы ў Даргунскай васьмігодцы Гродзенскага раёна, дзе ён выкладаў гісторыю і геаграфію, пераехаў у Ашмяны.
З 1967 г. па 1980 г. працаваў дырэктарам краязнаўчага музея імя Ф.Багушэвіча. Аляксандр Рыгоравіч шмат сіл аддаваў збору прадметаў, гістарычных дакументаў, звязваўся з многімі архівамі і нястомна шукаў дадатковыя звесткі аб Ашмяншчыне і яе людзях. Вынік гэтых пошукаў – шматлікія артыкулы ў раённай газеце, для якой ён становіцца пастаянным і надзейным аўтарам. У 1980 г. перайшоў на пастаянную работу ў рэдакцыю раённай газеты «Красное знамя», спачатку адказным сакратаром, потым намеснікам рэдактара. У другой палове 1990 г. цалкам аддаўся працы над кнігай “Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ашмянскага раёна”, прызначаны яе галоўным укладальнікам. На жаль, кніга пабачыла свет ужо пасля смерці аўтара. Памёр А.Р.Каранеўскі 16.05.2003 г.
Крыніцы інфармацыі:
1. Каранеўскі Аляксандр Рыгоравіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2019 год / склад. Г. У. Палубінская. — Ашмяны, 2018. С. 21–22.
2. Нікалаеў, Ю. Краязнаўства – іх прызванне / Ю.Нікалаеў // Памяць : Ашмянскі раён: гіст.-дак. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. Каранеўскі А.Р.; маст. Жакевіч Э.Э.; рэдкал.: Кісялёў Г.К. (гал. рэд.) і інш. — Мінск : БЕЛТА, 2003. — С. 649—650.