12.07.1943 г. нарадзіўся Бязмен Уладзімір Архіпавіч (1943), вучоны медык, кандыдат медыцынскіх навук (1977). Месца нараджэння – в.Барыт Гур’еўскага р-на Кемераўскай вобл. З дзяцінства жыў у Ашмянах. Закончыў 7 класаў сярэдняй школы №1 г. Ашмяны (1957), Ашмянскае медыцынскае вучылішча (1960), Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (1971), інтэрнатуру па анкалогіі, рэанімацыі з анестэзіялогіяй у Навукова-даследчым інстытуце анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава (1972), аспірантуру пры ім (1976). Служыў у Савецкай арміі (1962–1965).
Працоўную дзейнасць пачаў загадчыкам Каменналогскага фельчарска-акушэрскага пункта (1960–1962), потым працаваў у навукова-даследчым інстытуце анкалогіі ў Мінску ўрачом. Там упершыню распрацаваў новы метад лячэння анкалагічных хворых з дапамогай гіпертэрміі (высокай тэмпературы), якім зацікавіліся ўрачы з Японіі, Расіі, Аўстраліі, краін Заходняй Еўропы. Урач вышэйшай катэгорыі (1992). У 1979 – 1992 гг. адначасова з працай у інстытуце выкладаў на кафедры анкалогіі Акадэміі паслядыпломнага навучання. У 1985 г. упершыню ў СССР арганізаваў навучанне анколагаў лекавым метадам, у 1992 г. арганізаваў першае ў Рэспубліцы Беларусь аддзяленне рэабілітацыі анкалагічных хворых (на базе былога пансіяната ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР). З 1994 г. загадчык аддзялення хіміятэрапеўтычных метадаў лячэння ў Мінскім гарадскім анкалагічным цэнтры. Аўтар 3 адкрыццяў, 11 рацыяналізатарскіх прапаноў, больш за 80 навуковых артыкулаў. Удзельнік больш за 30 міжнародных кангрэсаў і канферэнцый, член Еўрапейскай школы па анкалогіі.
Крыніцы інфармацыі:
1. Бязмен Уладзімір Архіпавіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2018 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2017. – С. 26 –-27.
2.Бязмен Уладзімір Архіпавіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 574 – 575. (Звязаны лёсам з Ашмяншчынай).