28.06.1922 г. нарадзіўся Стэфановіч Пётр Францавіч (1922–?). перакладчык, празаік, драматург. Месца нараджэння – в.Сёмкаў Гарадок Мінскага р-на. Сям’я пераехала ў Ашмяны на радзіму маці. Гімназію закончыў у 1939 г. У канцы 1930-х гадоў пачаў пісаць вершы на польскай, а затым і на беларускай мовах. Першыя яго публікацыі з’явіліся ў ашмянскай раённай газеце «Знамя свободы» (1941). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны – прайшоў шлях ад узводнага да камандзіра батальёна. Ваяваў на Паўднёвым і Карэльскім франтах, у 10-й пяхотнай дывізіі польскай арміі, дзе служыў да 1950 г. Працаваў на розных будоўлях, начальнікам аддзела капітальнага будаўніцтва ў Мінскім аблвыканкаме (1950–1969), інжынерам у Беларускім аддзяленні Літфонда СССР (1969–1979), літаратурным рэдактарам у часопісе “Вожык” (1979–1984). Узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Літаратурнай дзейнасцю пачаў займацца сістэматычна ў 1964 г., пісаў гумарэскі, апавяданні, драматычныя творы. Перакладаў на беларускую і рускую мовы творы польскіх пісьменнікаў. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1990), член Саюза журналістаў Беларусі (1982). Заслужаны дзеяч культуры Польшчы.
Крыніцы інфармацыі:
1. Стэфановіч Пётр Францавіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2017 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2016. – С. 28-29.
2. Стэфановіч Пётр Францавіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна/ рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 212-213. (Ашмянскія навучальныя ўстановы. Выпускнікі Ашмянскай гімназіі).