23.06.1926 г. у г.Мінску нарадзілася Мягкова Таццяна Сцяпанаўна, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі. Разам з бацькамі змагалася ў партызанскім атрадзе “За Радзіму!”. У жніўні 1943 г. Таццяна ў складзе спецгрупы з 105 чалавек пад кіраўніцтвам Дзьякава (атрад № 550) адправілася на захад, у Беластоцкую вобласць для ажыццяўлення разведвальнай, падрыўной і агітацыйнай дзейнасці, якая доўжылася па жнівень 1944 г.
Пасля дэмабілізацыі жыла ў г.Гродна. Працавала ў канторы аблполмінзага (абласнога ўпаўнаважанага міністэрства нарыхтовак) сакратаром. У Гродна сустрэла мужа Яўгена Барысавіча Мягкова, з якім разам пражылі 61 год. Пасля Гродна жылі ў Калінінградзе, у крымскім сяле Марское, апошнія гады – у Ашмянах. Шмат гадоў Таццяна Сцяпанаўна аддала бібліятэчнай справе, спачатку ў Гродна, а затым у Марскім. Тут яна працавала ў дзіцячай бібліятэцы, прывівала дзецям любоў да кнігі. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, часта сустракалася з маладзёжнай аўдыторыяй, дзялілася ўспамінамі аб ваенных падзеях.
Таццяна Сцяпанаўна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны, ордэнам “За мужнасць” 2-й ступені, медалямі “Партызанская слава”, “За Перамогу над Германіяй”, юбілейнымі медалямі.
Крыніцы інфармацыі:
1. Мягкова Таццяна Сцяпанаўна // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2021 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2020. – С. 25.
2. Мягкова Татьяна Степановна // Кто есть кто в Республики Беларусь. Женщины Беларуси. Т. 1. — Минск: Энциклопедикс, 2011. — С.85.