22 мая 1792 г. кароль ВКЛ Станіслаў Аўгуст Панятоўскі выдаў рэнавацыйны прывілей, згодна якому Ашмяны, у ліку 17 населеных пунктаў на тэрыторыі Беларусі, атрымалі статус вольнага горада з усімі правамі, свабодамі і абавязкамі, якія вынікалі з магдэбургскага права. У адпаведнасці з Пастановай Чатырохгадовага сейма (1788–1792) ва ўсіх гарадах Вялікага Княства Літоўскага аднаўлялася самакіраванне. Усе жыхары Ашмян абвяшчаліся асабіста вольнымі і мелі права валодаць нерухомай маёмасцю на правах прыватнай уласнасці, ім дазвалялася стварыць свой магістрат і суд, выбіраць бурмістра, войта, радцаў, лаўнікаў, гмінных, пісара, адваката і скарбніка. Жыхары Ашмян, як шляхецкага, так і “мескага” паходжання, падлягалі толькі ўладзе і суду магістрата, вызваляліся ад шляхецкай і замкавай юрысдыкцыі.
Быў зацверджаны герб горада: сярэбранае поле шчыта падзелена на 3 часткі, у правай – рука з вагамі, у левай – шчыт, у ніжняй – цялё, пад якім змешчаны надпіс на лацінскай мове: “Памяць Станіслава Аўгуста 1792”. Герб дазвалялася ўжываць на пячатках і іншых гарадскіх сімвалах.
Крыніцы інфармацыі:
1. Пацверджанне магдэбургскага права і атрыманне герба г.Ашмяны // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2017 год / склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2016. – С. 24-25.