14.04.1885 г. нарадзіўся Рак-Міхайлоўскі Сымон Аляксандравіч (1885–1938), беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, педагог, асветнік, дырэктар беларускай настаўніцкай семінарыі ў мястэчку Баруны Ашмянскага павета. Месца нараджэння – в.Максімаўка Вілейскага павета Віленскай губерні, цяпер Маладзечанскі раён. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1904), педагагічны інстытут у Феадосіі (1912). Працаваў у школах Свянцянскага і Вілейскага паветаў, займаўся культурна-асветніцкай дзейнасцю, збіраў фальклор. Удзельнік рэвалюцыі 1905–1907 гг.
Займаўся арганізацыяй беларускіх пачатковых школ. Выкладаў у Гродзенскай беларускай гімназіі (1918–1920), супрацоўнічаў у газеце “Беларускае слова”.
У 1919 г. С. Рак-Міхайлоўскі распачаў актыўную работу па адкрыцці беларускай настаўніцкай семінарыі ў мястэчку Баруны, якая пачала працаваць у 1920 г. Першы набор вучняў склаў 60 чалавек. Увесь курс навукі разлічаны быў на 4 гады. Але з боку польскіх улад пачалося ганенне на беларускамоўныя ўстановы. 15 мая 1921 г. беларуская настаўніцкая семінарыя ў Барунах па загаду дырэктара Дэпартамента Асветы Ліхтаровіча была закрыта,. У 1922 г. С. Рак-Міхайлоўскі пакінуў Баруны. У лістападзе 1922 г. выбраны паслом у польскі сейм.
У 1926 г. уступіў у КПЗБ. У 1927 г. арыштаваны, прыгавораны да 12 гадоў зняволення. Вясной 1930 г. датэрмінова вызвалены і перапраўлены ў Мінск. Працаваў у сектары навукі Наркамата Асветы БССР. 16.08.1933 г. арыштаваны органамі АДПУ па справе “Беларускага нацыянальнага цэнтра”, прыгавораны да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Пакаранне адбываў у Салавецкіх лагерах. Асобай тройкай НКУС БССР 14.11.1938 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Растраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1956 г. У Маладзечне яго імем названа вуліца.
Крыніцы інфармацыі:
1. Дроздова, В. Исторические личности борунской земли / Валентина Дроздова ; фото Светланы Муцянской // Ашмянскі веснік. — 2017. – 13 снеж. – С. 5.
2. Рак-Міхайлоўскі Сымон Аляксандравіч // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя т. 9. – Мн.: , 1973. – С. 84.
3. Рак-Міхайлоўскі Сымон Аляксандравіч // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2020 год/ склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2019.– С. 24-25.
4. Рак-Міхайлоўскі Сымон Аляксандравіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т 4. – Мн.: , 1987. – С. 482.