13.04.1943 г. у в.Вялікія Шастакі Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобл. нарадзілася Ануфрыева Рамуальда Іосіфаўна, самадзейны паэт, педагог. З 1964 г. жыве і працуе ў Ашмянах. Свой першы верш напісала ў пятым класе, будучы членам школьнай рэдкалегіі. Паэзія суправаджала яе і падчас вучобы ў Слонімскім медвучылішчы (1961), і на працы ў бальніцы ў Астравецкім раёне (1961–1964), і ў Ашмянскай санітарна-эпідэміялагічнай службе (1964–1966). Падчас вучобы на філфаку Гродзенскага педінстытута, які закончыла ў 1971 г., Рамуальда Іосіфаўна пазнаёмілася з Васілём Быкавым, які ўмацаваў яе веру ў тое, што ў яе ёсць паэтычны дар. Працавала загадчыкам сектара партуліку Ашмянскага райкама партыі (1984–1991). З 1991г і па сённяшні час у СШ №1 г. Ашмяны (настаўнік рускай мовы і літаратуры, сацыяльны педагог, з 2013 г. – загадчык Народнага музея гісторыі ДУА “Сярэдняя школа №1 імя М.М.Гружэўскага”. Вершы друкаваліся на старонках газет “Ашмянскі веснік”, “Гродзенская праўда”, “Настаўніцкая газета” і інш. Выдадзены зборнік вершаў “І вера, і вернасць, і вечнасць” (2012). Аўтар больш за 20 тэкстаў песень для школьных самадзейных узорных калектываў “Званочкі” і “Палёт", аўтар гімна настаўнікаў раёна, гімна школы і гімна выпускнікоў.
Крыніцы інфармацыі:
1. Ануфрыева Рамуальда Іосіфаўна // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2018 год/ склад. Г.У. Палубінская.–Ашмяны, 2017.– С. 23.
2. Ануфрыева Рамуальда Іосіфаўна // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / рэдкал.: Г.К.Кісялёў [і інш.]. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 585.