21.03.1840 г. у былым фальварку Свіраны Вільнюскага р-на (Літва) нарадзіўся Францішак Казіміравіч Багушэвіч, паэт, празаік, публіцыст, рэвалюцыйны дэмакрат. У перыяд паміж 1841 і 1846 гг. сям’я пераехала ў невялікі маёнтак Кушляны (Смаргонскі р-н), атрыманы бацькам у спадчыну ў 1837 г. У 1852 г. разам з братам Валяр’янам Францішак паступіў у чатырохкласную базыльянскую школу, потым вучыўся ў гімназіі, якую закончыў у 1861 г. У 1861 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе пачаліся тады студэнцкія хваляванні, у якіх ён прымаў удзел, за што і быў выключаны з універсітэта. Вярнуўшыся на радзіму, прыняў удзел у грамадска-рэвалюцыйным руху. Каб быць бліжэй да народа, уладкаваўся настаўнікам у народнай школе в.Доцішкі Лідскага павета (цяпер Воранаўскі раён). Удзельнічаў у паўстанні 1863 г. Пасля разгрому паўстання Ф.Багушэвічу ўдалося выехаць на Украіну. У 1865 г. паступіў у Нежынскі юрыдычны ліцэй, які закончыў у 1868 г. Працаваў судовым следчым на Украіне, потым адвакатам у Вільні.
У 1874 г. ажаніўся з Габрыеляй Міхайлаўнай Шкленік. У іх нарадзіліся дачка Канстанцыя, сыны Тамаш і Валяр’ян.
Працуючы адвакатам Ф.Багушэвіч адстойваў правы простых людзей.
Вершы Ф.Багушэвіч пачаў пісаць у юнацкім узросце. Шматлікія вершаваныя творы склалі 2 паэычныя зборнікі: “Дудка беларуская” (1891), “Смык беларускі” (1894). Асноўныя тэмы творчасці Ф.Багушэвіча: жыццё беларускага народа, барацьба з прыгнятальнікамі, адносіны да роднага слова.
У 1898 г. Ф.Багушэвіч цяжка захварэў і перабраўся ў Кушляны. У 1900 г. памёр. Пахаваны на могілках у Жупранах. У цэнтры Жупран і на яго магіле пастаўлены помнікі.
Крыніцы інфармацыі:
1. Багушэвіч Францішак Бенядзікт Казіміравіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2003. – С. 146-149.
2. Жыбуль, В. В. Францішак Багушэвіч як народны герой: паводле «Версій і легенд» Вульфа Сосенскага / Віктар Жыбуль // Роднае слова. — 2015. — № 3. — С. 7-9.
3. Запрудскі, І. Самы слынны з пакалення беларускіх нігілістаў // Маладосць.- 2010.- № 10.- С. 125-128.
4. Содаль, У. I. Жупранская старонка / Содаль, Уладзiмiр Iллiч.. — Мн. : Полымя, 1992. - 63с.
5. Содаль, У. I. Кушлянскi кут / Содаль,Уладзiмiр Iллiч.. — Мн. : Полымя, 1990. — 63с.
6. Францішак Бенядзікт Багушэвіч : жыццё і творчасць / склад. У.Содаль, Е.Мацюш ; маст. М.Купава. — Мн. : Народная асвета, 1986. - 103с.