У 2015 годзе шэраг бібліятэчных мерапрыемстваў былі прысвечаны знакамітаму земляку Францішку Багушэвічу, якія ладзіліся да 175-годдзя з дня нараджэння паэта.
23 красавіка ў Жупранскім Доме культуры адбылося раённае літарарурнае свята “І жыве твой народ, і звініць твае слова” з нагоды ўшанавання пачынальніка беларускай літаратурнай мовы, паэта-дэмакрата Ф.Багушэвіча. Арганізатарам свята была ДУК "Ашмянская раённая бібліятэка".
Мерапрыемства сабрала шматлікую аўдыторыю: вучняў і настаўнікаў мясцовай школы, жыхароў аграгарадка Жупраны, бібліятэчных і клубных работнікаў, чытачоў раённай бібліятэкі. Старонкі жыцця і творчасці прысутныя гарталі разам з вядучымі Аксанай Юркантовіч і Сяргеем Жылікам.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел пісьменнік, паэт, даследчык радаводу Багушэвіча, уражэнец Ашмян Васілій Юрша, мясцовая паэтка Ірына Ізбіцкая, народны ансамбль “Жытніца”. Раённы цэнтр культуры падрыхтаваў да свята канцэртна-тэатралізаваную праграму.
Госці мелі магчымасць пазнаеміцца з выставай літаратуры “Сэрцам адчуць песняра”. Краязначы музей ім.Ф.Багушэвіча прадставіў развернутую выставу “Паэты заўсёды вяртаюцца”.
У гэты ж дзень, у скверы, дзе знаходзіцца помнік Ф.Багушэвічу, адбыўся мітынг, у якім прынялі ўдзел старшыня сельвыканкама і загадчык школьнага музея ім.Ф.Багушэвіча.
Да помніка і на магілу паэта былі ўскладзены кветкі.