19 ліпеня у гарадской бібліятэцы №1 прайшоў дзень інфармацыі “Зямля Ашмянская – жамчужына стагоддзяў”. Рыхтуючы мерапрыемства, бібліятэкары ставілі перад сабой мэту: прадставіць чытачам інфармацыю аб Ашмянах і Ашмянскім раёне – гістарычных фактах, традыцыях, эканамічным патэнцыяле, аб культурнай і нацыянальнай самабытнасці нашай малой Радзімы.
Краязнаўчая гульня “Сцяжынкамі роднага краю” дала магчымасць удзельнікам зрабіць віртуальную вандроўку па цікавых мясцінах Ашмян і ваколіц: наведаць “нявесцін камень”, пункт Тупішкі Геадэзічнай дугі Струве, мемарыяльны знак на месцы гібелі ў гады Першай сусветнай вайны паветранага экіпажа “Ілья Мурамец” у аграгарадку Баруны. Па кнізе гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць” праведзена гадзіна гістарычных ведаў “Каб памяталі нашчадкі”. Удзельнікам мерапрыемства быў прапанаваны інфармацыйна-краязнаўчы калейдаскоп “Ашмянскі край, мы ганарымся табой”, які дапоўніла відэа-экскурсія «Посмотри вокруг с любовью». Былі прадэманстраваны фотаздымкі з прыгожымі краявідамі Ашмяншчыны Драбышэўскай Галіны Дзмітраўны,якая даўно цікавіцца гісторыяй роднага краю.