Мой род – мая гісторыя
16 чэрвеня ўдзельнікі клуба “Сустрэча” Ашмянскай раённай бібліятэкі сустрэліся с ашмянскім паэтам, краязнаўцам, калекцыянерам Васілём Юршам. В. Юрша – чалавек рознабаковых захапленняў, аўтар кніг: зборніка вершаў “Белая варона” (2007), “Фамільный кнігі” (2007), кнігі радаводаў “Ашмянскі край: т.1. Шляхецкія роды на Ашмяншчыне” (2015) і інш. У апошнія гады актыўна даследуе фамільныя роды Ашмяншчыны. Заняўшыся даследаваннем свайго радаводу, Васіль Адамавіч пашырыў кола пошуку, у выніку чаго прасачыў многія роды Ашмяншчыны ўглыб да ХУІ-ХУІІ стст. Зараз працуе над складаннем радаводаў былога Ашмянскага павета. Аб усім гэтым ішла размова падчас сустрэчы. Адказваючы на шматлікія пытанні аўдыторыі, В.Юрша расказаў аб тым, як яму даводзілася весці пошук: наведаць архівы не толькі Беларусі, але і Літвы, Расіі; шмат працаваў у бібліятэках Мінска.
Васіль Адамавіч расказаў аб сваёй паэтычнай творчасці. Яго вершы можна прачытаць не толькі ў зборніку «Белая ворона», які ёсць у фондзе бібліятэкі, але і на старонках “Ашмянскага весніка”, а таксама на интэрнэт-сайте «stihi.ru».
Мерапрыемства суправаджалася прэзентацыяй “Васіль Юрша – знакаміты зямляк”. Была падрыхтавана выстаўка “Геральдыка шляхецкіх родаў Ашмяншчыны”. Напрыканцы В.Юрша падарыў усім прысутным зборнік сваіх вершаў «Белая ворона» с асабістым аўтографам.