Да бабулі на аладкі
25 лютага Ашмянская раённая бібліятэка запрасіла членаў аматарскага аб’яднання “Мудрасць +” на пасяджэнне “Да бабулі на аладкі”, галоўнай тэмай якога была Масленіца, усімі любімае свята нашага народа. Спярша вядучыя Галіна Аніхоўская і Ірына Баркоўская нагадалі гісторыю свята, потым загадвалі загадкі пра Масленіцу, прапаноўвалі адгадаць песню па некалькіх прыведзеных радках і праспяваць яе. Цікавым атрымаўся агляд літаратурных твораў, прадстаўленых Галінай Лагвіненка, у якіх распавядаецца пра Масленіцу і масленічныя стравы: М.Шолахаў “Ціхі Дон”, М.Гогаль “Мёртвыя душы”, А.Пушкін “Яўгеній Анегін” і інш. Кожны з прысутных дзяліўся сваімі рэцэптамі прыгатавання бліноў. Ну, а потым, канечне ж, частаваліся блінамі, аладкамі розных гатункаў упрыкуску з варэннем і духмянай гарбатай.