1 чэрвеня супрацоўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК "Ашмянская раённая бібліятэка" наведалі аддзяленне дзённага прабывання для маладых інвалідаў ДУ “Тэрытарыяльны цэнтр Ашмянскага раёна”. Святлана Галінская, загадчык аддзела, правяла для маладых наведвальнікаў агляд літаратуры “Шляхамі жыцця і творчасці Францішка Багушэвіча”, расказала аб кнігах вядомага земляка, якія ёсць у фондзе раённай бібліятэкі. Перш за ўсё звярнула ўвагу на старэйшае выданне “Выбраныя творы” 1952 года выпуску, зборнік “Дудка беларуская”. Прадставіла кнігі У. Содаля аб жыцці Ф.Багушэвіча: “Кушлянскі кут”, “Жупранская старонка”, “Свіранскія крэскі”; раман В.Хомчанкі “Пры апазнанні затрымаць”; прадэманстравала дыск “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай…”, паказала прэзентацыю “Знакаміты зямляк Ф.Багушэвіч”.