26 мая сельская бібліятэка аграгарадка Кальчуны арганізавала літаратурную сустрэчу з мясцовым паэтам Ігарам Спірыдовічам “Я невыпадковы госць зямлі роднай”, прымеркаваную да 50-годдзя з дня яго нараджэння. Мерапрыемства праводзілася ў рамках раённага бібліятэчнага марафону-конкурсу “Творцы і кнігі: юбіляры 2016”.
І.Спірыдовіч вершы пачаў пісаць яшчэ ў школьным узросце. Гэтае захапленне засталося з ім і па сённяшні дзень. У яго творчасці – вершы, прысвечаныя вечнай тэме чалавечых каштоўнасцей: любові, патрыятызму, адданасці роднай зямлі і людзям, а яшчэ байкі, якія высмейваюць чалавечыя заганы.
На працягу літаратурнай сустрэчы гучалі паэтычныя радкі І.Спірыдовіча ў выкананні аўтара, навучэнцаў Кальчунской школы, бібліятэкара Будзёнаўской бібліятэкі М. Пазняк: “Ашмяншчына”, “Жончына навука”, “Маці прысвячаецца” і інш. Аповед вядучых Алены Шкелды і Сняжаны Кагадоўской суправаджаўся відэапаказам фрагментаў з жыцця паэта.
Павіншаваць юбіляра прыйшлі яго сябры, родныя, землякі: сястра Лілія Заруба, народная майстрыха Святлана Сярпейка, кіраўнік арт-клуба “Званы госць” Валерый Готка, намеснік рэдактара раённай газеты “Ашмянскі веснік” Аліна Санюк, загадчык аддзелам абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай бібліятэкі Святлана Галінская і інш. У выкананні юных артыстаў гучалі песні, прысвечаныя роднаму краю, Кальчунскай зямлі.
Сярод падарункаў і кветак, уручаных І. Спірыдовічу, прыемным сюрпрызам быў зборнік яго твораў “З глыбіні душы”, падрыхтаваны і выдадзены Кальчунскай бібліятэкай. На кніжнай выставе “Сын роднай зямлі” былі прадстаўлены вершы юбіляра, артыкулы аб яго жыцці і творчасці, матэрыялы яго захапленняў – альбомы манет, старадаўнія вырабы. Удзел у падрыхтоўцы мерапрыемства прымала таксама СБ в.Будзёнаўка.


