3 мая ў рамках абласной акцыі “Чытаем разам” Ашмянская раённая бібліятэка правяла літаратурную вечарыну “Чытаем кнігі аб вайне”, прымеркаваную да святкавання Дня Перамогі. У працяг акцыі, якая будзе доўжыцца ўвесь 2016 год, чарговым этапам літаратурных чытанняў стала тэма Вялікай Айчыннай вайны ў беларускай паэзіі і прозе. На сустрэчу з героямі твораў аб вайне прыйшлі чытачы розных узростаў, але ў большасці моладзь – навучэнцы старэйшых класаў школ горада, а таксама кіраўнікі структурных падраздзяленняў і арганізацый г.Ашмяны.
Шмат твораў розных жанраў напісана пра ваенныя падзеі 1941-1945 гг. Гэта творы Я.Коласа, Я Купалы, І.Чыгрынава, А.Адамовіча, І Навуменкі, П.Броўкі і многія іншыя.
Расповед вядучых Вольгі Тарашкевіч і Алены Дашчынскай пра кнігі беларускіх паэтаў і празаікаў на тэму вайны чаргаваўся з чытаннем урыўкаў з гэтых твораў. Чыталі іх прысутныя на мерапрыемстве: дзеці вайны Ганна Фёдараўна Грышан – верш “Бацьку” Р.Барадуліна і Марыя Фамінічна Тамашэвіч – урывак з “Рэквіема па кожным чацвёртым” А.Вярцінскага; Віталій Віктаравіч Кішкель, начальнік групы прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыяту Ашмянскага раёна – “Тартак” І.Пташнікава; Мікалай Аляксандравіч Мусінаў, інспектар мабільнай пагранічнай заставы – “Жураўліны крык” В.Быкава; Андрэй Уладзіміравіч Кузьменка, старшы інспектар групы інфармацыйнага забеспячэння Ашмянскага РАУС – “Дзеці вайны” П.Панчанкі. Старэйшая чытачка Дамініка Анатольеўна Рыжко расказала аб сваіх любімых кнігах пра вайну. Вершы аб вайне прачыталі навучэнцы СШ №3: Анжэла Дэрвіс, Арына Павіловіч, Анастасія Бражыцкая, Аліна Зык, Паліна Амбражэвіч.
Песні ваеннай тэматыкі прагучалі ў выкананні Наталлі Давыдавай, навучэнкі гімназіі №1 г.Ашмяны.
Да мерапрыемства была аформлена кніжная выстава і падрыхтаваны відэаролік “Чытаем разам кнігі аб вайне”.
